Адукацыйны працэс у старшай групе №7 арганізаваны на беларускай мове згодна з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі.
У групе 2 выхавальніка:
- Валадзько Іна Генадзьеўна, вышэйшая адукацыя, БДУ, беларуская мова і літаратура, 1998г., МПВ №1, выхаванне ў дашкольных установах, 1991г., 1 кваліфікацыйная катэгорыя выхавальніка, працуе ў групе з 2001 года. Павышала кваліфікацыю ў ДУА “МГІРА” па праграме “Удасканаленне адукацыйнага працесу ва ўстанове дашкольнай адукацыі”, 2016 г.
- Салаўёва Іна Іванаўна, сярэдняя спецыяльная, МПВ №1, 1991, выхаванне ў дашкольных установах. вышэйшая спецыяльная, БДПУ імя М.Танка, 2018 г., педагогіка і псіхалогія дашкольная, 2 кваліфікацыйная катэгорыя выхавальніка, працуе ў групе з 2011 года.
Выхавальнікі свабодна валодаюць беларускай мовай.
У групе 25 выхаванцаў ад 5-ці да 6-ці гадоў.
Планаванне адукацыйнага працэсу ў групе вядзецца на беларускай мове на аснове нарматыўных дакументаў. Навукова метадычнае забеспячэнне ўключае адукацыйныя стандарты дашкольнай адукацыі, вучэбную праграму дашкольнай адукацыі, вучэбныя выданні, якія афіцыйна зацверджаны ці дапушчаны ў якасці вучэбнага выдання Міністэрствам адукацыі РБ, якія рэкамендаваны НМУ “Нацыянальны інстытут адукацыі”. Запланаваны абавязковыя кампаненты арганізацыі розных відаў сумеснай дзейнасці педагога і дзяцей на працягу дня, узаімадзеянне з сям’ёй, індывідуальная работа з дзецьмі, розныя формы арганізацыі рухальнай актыўнасці. Надаецца ўвага фарміраванню культуры харчавання, асновам бяспекі. У плане адукацыйнага працэсу есць узаемасувязь напрамкаў адукацыйных абласцей на аснове інтэграцыі зместу. Абумоўлена інтэграцыя адукацыйных абласцей і відаў дзіцячай дзейнасці. Планаванне спецыяльна арганізаваных форм па адукацыйных абласцях ажыццяўляецца на аснове раскладу заняткаў і іншых форм на кожны дзень тыдня згодна з вучэбным планам. Планаванне вядзецца па тэматычным прынцыпе.
Прадметна развіццёвае асяроддзе арганізавана па зонах дзейнасці згодна пераліку абсталявання груп устаноў дашкольнай адукацыі. У групе шмат дыдактычных гульняў на беларускай мове (“Назаві па-беларуску”, “Упрыгож сукенку”, “Хто дзе жыве”, “Расліны і жывёлы Беларусі”, “Збяры ўзор”, “Цудоўны збанок”, “Садавіна-гародніна” і інш., дзіцячай літаратуры. Падабраны беларускі посуд, цацкі, рушнікі, малюнкі беларускага адзення.
У бацькоўскім кутку падабраны матэрыял на роднай мове, які садзейнічае актыўнаму ўдзелу бацькоў у адукацыйным працэсе. На працягу года падбіраецца і распрацоўваецца матэрыял, як па пытаннях арганізацыі распарадку дня дзяцей, так і па пытаннях выхавання і навучання. Бацькі разам з дзецьмі прымаюць ўдзел у афармленні насценгазет “Мая сям’я”, “Мой родны Мінск”, у конкурсах “Сняжынка”, “Кветкавы калейдаскоп”, актыўна ўдзельнічаюць у садавых мерапрыемствах.
Выхавальнікам групы №7 Валадзько І.І. абагульнены вопыт па тэме “Развіццё беларускага маўлення ў дзяцей сярэдняга і старшага дашкольнага ўзросту праз тэатральна-гульнёвую дзейнасць”.
Выхавальнікам Салаўёвай І. І. назапашваюцца матэрыялы з вопыту работы па тэме “Фарміраванне асноў патрыятызму ў дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту з дапамогай выкарыстання эфектыўных форм арганізацыі дзіцячай дзейнасці”.
Адукацыйны працэс ў групе выхавальнікі ажыццяўляюць ў цеснай сувязі са спецыялістамі. На музычных і фізкультурных занятках, занятках з педагогам-псіхолагам кіраўнік фізвыхавання, музычны кіраўнік, педагог-псіхолаг імкнуцца размаўляць на беларускай мове. Кіраўнік фізвыхавання плануе фізкультурна-аздараўленчаю работу с дзецьмі групы №7 на беларускай мове. Ёю распрацавана картатэка беларускіх народных гульняў, а таксама фізкультхвілінак. У заняткі і іншыя формы арганізацыі ўключаюцца беларускія народныя гульні, тлумачыцца сэнс народных святаў.
Да цяперашняга часу выпускнікі беларускамоўнай групы паступалі ў пачатковыя класы беларускамоўнай гімназіі №14, а таксама ў бліжэйшыя рускамоўныя класы ДУА “СШ №46 г.Мінска”, ДУА “СШ №143 г.Мінска”, ДУА “Пачатковая школа №112 г.Мінска”. У 2018 – 2019 навучальным годзе плануецца арганізаваць навучанне на беларускай мове ў ДУА “Пачатковая школа №112 г.Мінска”, аб чым ужо зараз вядзецца інфармаванне бацькоў.
Аналізуючы выніковасць адукацыйнага працэса ў беларускамоўнай групе №7 можна сцвярджаць, што двухмоўе станоўча адбіваецца на развіцці псіхічных працэсаў у дзяцей. Слоўнікавы запас дзяцей сфарміраваны згодна ўзросту, дзеці разумеюць сэнс слоў, правільна іх ужываюць, імкнуцца карыстацца інтанацыйнымі сродкамі выразнасці, правільна вымаўляць гукі роднай мовы. Свабодна ўдзельнічаюць у дыялоге. Педагогі свабодна размаўляюць на беларускай мове не толькі на занятках, але і ў паўсядзённай дзейнасці, у зносінах з іншымі педагогамі. Выхавальнікі Валадзько І.Г. і Салаўёва І.І. пастаянна павышаюць свій прафесійны ўзровень, займаюцца самаадукацыяй, удзельнічаюць у раённых мерапрыемствах. Бацькі групы №7 ўсведамляюць важнасць валодання дзецьмі роднай мовай, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці групы і сада.
УДАСКАНАЛЕННЕ ЯКАСЦІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ.
З улікам пажаданняў бацькоў (законных прадстаўнікоў) непаўналетніх установы дашкольнай адукацыі фарміруюць групы, якія арганізуюць адукацыйны працэс як на рускай, так і на беларускай мове.
Адукацыйны працэс у групах з беларускай мовай навучання арганізуецца на беларускай мове. Выключэнне складаюць гадзіны, адведзеныя на вывучэнне адукацыйнай вобласці «Развіццё прамовы і культура маўленчых зносін» вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
Згодна з артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» кіраўнікі і педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі.
Пры адсутнасці дастатковай колькасці дзяцей для фарміравання асобнай групы ва ўстанове дашкольнай адукацыі ствараюцца неабходныя ўмовы для атрымання адукацыі на беларускай мове.
З мэтай забеспячэння максімальна спрыяльных умоў для развіцця маўленчых навыкаў, далучэння выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры, паспяховасці фарміравання двухмоўя павінна стварацца камунікатыўнае асяроддзе, якое забяспечвае ўключэнне двух моў у разнастайныя віды дзіцячай дзейнасці, а таксама правядзенне спецыяльна арганізаваных формаў адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці са зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Варта звярнуць увагу на стварэнне адпаведнай прадметна-прасторавага асяроддзя, павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў у пытаннях лінгвістычнага і маўленчага развіцця выхаванцаў ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя, удзел бацькоў у прадастаўленні магчымасці дзецям фармуляваць думкі на дзвюх мовах. Гэтаму спрыяе створанае навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу устаноў дашкольнай адукацыі, якое выдаецца як на рускай, так і на беларускай мовах.
Навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове ва ўмовах білінгвальнай адукацыі
У артыкуле раскрываюцца асноўныя аспекты навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове ва ўмовах блізкароднаснага руска-беларускага двухмоўя, звяртаецца ўвага на спецыяльныя метады навучання беларускай мове рускамоўных дзяцей.
Ключавыя словы: дзеці дашкольнага ўзросту, родная мова, блізкароднаснае двухмоўе.
This article covers the main aspects of teaching preschool children the Belarusian language in a closely related Russian-Belarusian bilingualism, draws attention to the special mode of learning Belarusian language speaking children.
Key words: preschool children, native language, closely related bilingualism.
МаўленчаеразвіццёдзяцейуБеларусіадбываеццаўсітуацыіблізкароднаснагаруска-беларускагабілінгвізму. Першаймовай, якойавалодваюцьдзецідашкольнагаўзросту, выступаеруская. Пры гэтым далучэннне дзяцей да беларускай мовы адбываецца таксама даволі рана. Дзеці чуюць яе па радыё, тэлебачанні, у дзіцячым садзе (асобныя заняткі, святы). У выхаванцаў ствараюцца «жыццёвыя» ўяўленні пра рускую і беларускую мовы, назіраецца паступовае свядомае адрозненне гэтых моў.
З улікам сітуацыіі блізкароднаснага двухмоўя сістэма дашкольнай адукацыі ў Беларусі з’яўляецца білінгвальнай як па форме (у рэспубліцы дзейнічаюць установы дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання), так і па змесце (у адпаведнасці з вучэбнай праграмай у адукацыйны працэс установы дашкольнай адукацыі ўключаны дзве блізкароднасныя мовы).
Білінгвальная адукацыя забяспечвае паўнавартаснае развіццё асобы дзіцяці сродкамі дзвюх моў і прадстаўленых імі культур. Дзіця-білінгв мае магчымасць інтэграцыі ў дзве моўныя культуры, што спрыяе як яго разумоваму, так і псіхічнаму развіццю, пашырае і ўзбагачае мысленне і кругагляд выхаванца. Авалодванне беларускай мовай спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці дзіцяці. Што да засваення рускай мовы, то рускамоўныя зносіны пашыраюць камунікатыўнае асяроддзе выхаванцаў, садзейнічаюць іх далучэнню да сусветнай культуры. Адначасовае ж авалодванне дзецьмі дашкольнага ўзросту дзвюма мовамі (рускай і беларускай) пашырае іх светапогляд, спрыяе развіццю палікультурнай свядомасці і павялічвае патэнцыяльныя маўленчыя магчымасці.
Аднак найвышэйшы ўзровень моўнай кампетэнтнасці дзяцей забяспечвае ўсё ж такі руская мова. Беларуская, якая з’яўляецца мовай нацыянальнай прыналежнасці, выступае ў асноўным у якасці мовы нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Улічваючы тое, што беларуская мова для беларускіх дзяцей з’яўляецца роднай у асноўным па крытэрыі ідэнтыфікацыі, Н.С. Старжынская сцвярджае, што яе неабходна пачынаць вывучаць як мага раней, з моманту наведвання дзіцем установы дашкольнай адукацыі, шляхам акультурацыі, г.зн. увядзення ў нацыянальна-культурны фон мовы. Што да спецыяльных заняткаў па навучанні беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання, то яны павінны праводзіцца з дзецьмі, пачынаючы з сярэдняга дашкольнага ўзросту. Асноўнымі спецыяльнымі метадамі навучання дзяцей беларускай мове выступаюць: прамы, супастаўляльны і камбінаваны метады.
Навучанне выхаванцаў беларускай мове на аснове прамога метаду арганізуецца шляхам «пагружэння» ў моўнае асяроддзе. Натуральна, што яно адбываецца без апоры на рускую мову. Дадзены метад атрымаў назву метаду імерсіі (татальнай або поўнай). Аднак у практыцы работы ўстаноў дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання найбольш прымальным з’яўляецца метад мяккай імерсіі, які прадугледжвае паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў працэс навучання. Таксама шырока выкарыстоўваецца ў практыцы білінгвальнага навучання частковая імерсія, якая прадугледжвае арганізацыю працэсу навучання сродкамі дзвюх моў.
Супастаўляльны метад навучання дзяцей беларускай мове прадугледжвае апору на рускую. Засваенне беларускай мовы адбываецца на аснове аналізу, супастаўлення і абагульнення дзвюх моўных сістэм. Пры гэтым навучанне дзяцей беларускай мове пры дапамозе супастаўляльнага метаду заснавана на мадэлі пераносу моўных навыкаў з рускай мовы на беларускую. Пры камбінаваным выкарыстоўваюцца прыёмы дзвюх першых метадаў.
На больш позніх этапах навучання мовам ужываецца парытэтная мадэль навучання (раўнапраўе ў выкарыстанні рускай і беларускай моў). Адносна парытэтнай мадэлі варта адзначыць, што раўнапраўе ў выкарыстанні рускай і беларускай моў тычыцца, перш за ўсё, арганізацыі ўсяго адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі. З мэтай паспяховага фарміравання двухмоўя пажадана стварыць ва ўстанове дашкольнай адукацыі спецыяльнае камунікатыўнае асяроддзе, якое прадугледжвае прысутнасць дзвюх моў ва ўсіх відах дзіцячай дзейнасці і арганізацыю спецыяльных заняткаў па развіцці маўлення дзяцей на дзвюх мовах. Н.С. Старжынская адзначае, што ў гэтым выпадку найбольш аптымальным шляхам развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту беларускага маўлення з’яўляецца той, які спалучае з аднаго боку развіццё «пачуцця беларускай мовы» ў выніку паступовага «пагружэння» ў адпаведнае камунікатыўнае асяроддзе, а з другога — спецыяльна арганізаванае навучанне, арыентаванае на фарміраванне ў выхаванцаў элементарных моўных абагульненняў.
Па зазначэнні даследчыцы, агульная стратэгія навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове акрэсліваецца «знізу ўверх» з дапамогай «стыхійнага» і ў пэўнай меры спарадкаванага засваення дзецьмі моўных сродкаў і «зверху ўніз» на спецыяльных занятках праз авалоданне метадычна нармаванымі моўнымі сродкамі, шляхам як неўсвядомленага абагульнення моўнага матэрыялу, так і яго аналізу.
Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове будзе спрыяць арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове адзін раз на тыдзень працягласцю 20 хвілін у першай палове дня ў сярэдняй і старшай групах; правядзенне сітуацый зносін на беларускай мове па падгрупах у другой палове дня працягласцю 20 хвілін у тых жа групах; дачыненне да беларускай мовы ў пасіўнай форме з дзецьмі ад 3-х да 4-х гадоў у час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў; прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове; увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове; арганізацыя экскурсій у краязнаўчы музей з мэтай знаёмства з культурай, гісторыяй краіны; наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове; арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове.
Калі педагогі з’яўляюцца носьбітамі мовы, гэта гарантыя таго, што дзіця паспяхова авалодае камунікатыўнымі навыкамі на беларускай мове.
Паступіла ў рэдакцыю 09.02.2015 г. Журнал ПРАЛЕСКА
Літаратура:
- Старжынская, Н.С. Асновы развіцця беларускага маўлення і навучання роднай мове дашкольнікаў: дыс. ... д-ра пед. навук: 13.00. / Н.С. Старжынская. — Мінск, 1997.
- Старжынская, Н.С. Тэорыя і методыка развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў: вучэб. дапам. / Н.С. Старжынская. — Мінск: Тэхналогія, 1997.
- Яленскі, М.Г. Лінгвадыдактычная парадыгма асобасна арыентаванага навучання мове ў сучаснай школе / М.Г. Яленскі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2002.
Дзіна Дубініна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт,
загадчыца кафедры методык дашкольнай адукацыі,
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка